РУ́СКАЕ ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (РГТ). Засн. 6(18).8.1845 у С.-Пецярбургу па ініцыятыве Ф.П.Літке, К.М.Бэра, Ф.П.Урангеля і інш. для збору і пашырэння геагр., стат. і этнагр. звестак пра ўнутр. рэгіёны і суседнія з Расіяй краіны. У 1849—1917 наз. Імператарскае РГТ (уваходзіла ў ведамства Мін-ва ўнутр. спраў), з 1926 Дзярж. РГТ, з 1932 Дзярж. Геагр. т-ва РСФСР, з 1938 Усесаюзнае Геагр. т-ва (увайшло ў сістэму АН СССР), у 1945—91 Геаграфічнае т-ва СССР, з 1992 сучасная назва. Да 1917 знаходзілася пад кантролем афіц. улад, было інструментам правядзення экспансіянісцкай палітыкі Рас. імперыі. У рабоце РГТ удзельнічалі многія навукоўцы, географы, этнографы. Да 1917 старшынямі т-ва былі вял. князі, фактычна ім кіравалі віцэ-старшыні Літке (1845—50, 1857—72), М.​М.​Мураўёў (1850—57), П.П.Сямёнаў-Цян-Шанскі (1873—1914), Ю.М.Шакальскі (1914—17). Мела 11 аддзелаў і каля 1 тыс. членаў (1917). З першых гадоў існавання РГТ разгарнула шырокую экспедыцыйную і выдавецкую дзейнасць, зрабіла значны навук. ўклад у вывучэнне Урала, Сібіры, Д. Усходу, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Каўказа, палярных раёнаў, Ірана, Новай Гвінеі, Індыі і інш. Даследаванні звязаны з імёнамі А.К.Булатовіча, П.А.Крапоткіна, М.М.Міклуха-Маклая, М.М.Пржавальскага, П.​П.​Сямёнава-Цян-Шанскага, І.​Дз.Чэрскага і інш. З утварэннем РГТ пачаўся новы этап у гісторыі фалькларыстыкі, якая стала на трывалы навук. грунт і пачала развівацца планамерна. У 1848 па афіц. каналах ва ўсе губерні Рас. імперыі разаслана інструкцыя па збіранні этнагр. і фалькл. звестак, у выніку т-ва атрымала вял. колькасць твораў вуснай нар. творчасці, апісанняў побыту і абрадаў. Сярод іх былі рукапісы даследчыкаў Беларусі: К.Радзівіла «Статыстычны нарыс Навагрудскага павета», «Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Навагрудскага павета», Афанасьева «Апісанне Полацкага намесніцтва», І.​Катлубоўскага «Этнаграфічныя звесткі пра Бездзежскі прыход Кобрынскага павета», М.​А.​Дзмітрыева «Вопіс старажытных актаў, што захоўваюцца ў архівах Навагрудскага магістрата», «Этнаграфічныя звесткі пра Навагрудскі павет», А.​Любінскага «Назіранні над мовай і забабонамі простага люду Дзісенскага павета», А.​Радзевіча «Заметкі пра жыхароў Віцебскай губерні», П.​Ф.​Альхімовіча «Зборнік беларускіх народных легенд, былін і песень», А.​Станкевіча «Беларускія казкі», стат. апісанняў бел. паветаў афіц. зместу і інш. Большасць гэтых матэрыялаў не апублікавана і зберагаецца ў Навук.-галіновым архіве РГТ. У дачыненні да Беларусі мэтай РГТ было даказаць правы Расіі на Беларусь, падрыхтаваць глебу для найхутчэйшага абрусення гэтага краю. Важнай задачай т-ва было вызначэнне этнагр. межаў Беларусі на З і этнічнага складу насельніцтва зах. губерняў. У 1860-я г. складзены і апублікаваны картаграфічныя працы Ф.​Р.​Эркерта, М.​Ф.​Марковіча, М.​Галкіна, П. і Ф. Кепенаў. З 1862 РГТ выпрацоўвала планы правядзення этнаграфічна-стат. экспедыцый у зах. губерні, аднак іх ажыццяўленне стала магчымым толькі пасля падаўлення паўстання 1863—64. Этнагр. экспедыцыі па Беларусі ў 1867—68 правёў С.​В.​Максімаў, які па выніках даследаванняў апублікаваў некалькі нарысаў. Стат. экспедыцыю па Беларусі ў 1867 ажыццявіў М.​Я.​Дубенскі, які перадаў РГТ запіскі «Размеркаванне насельніцтва ў Заходнім краі па гушчыні», «Рух насельніцтва ў Заходнім краі» і інш. У 1869—70 РГТ арганізавала экспедыцыю П.​П.​Чубінскага, якая ахапіла Украіну і паўд. раёны Беларусі. Па выніках даследавання былі выдадзены «Працы этнаграфічна-статыстычнай экспедыцыі ў Заходне-Рускі край...» (т. 1—7, 1872—79). Даследаванне Беларусі прадоўжыў створаны ў 1867 Паўночна-Заходні аддзел Рускага Геаграфічнага таварыства. У 1954 створана Беларускае геаграфічнае таварыства (напачатку як філіял Геаграфічнага т-ва СССР). Матэрыялы па статыстыцы, геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, фалькларыстыцы Беларусі друкаваліся ў выданнях РГТ — «Вестнике», «Известиях», «Записках» і інш.

Літ.:

Семенов П.П. История полувековой деятельности императорского Русского географического общвства, 1845—1895. Ч. 1—3. СПб., 1896;

Зеленин Д.К. Описание рукописей Ученого Архива Императорского Русского Географического Общества. Вып. 1—3. Пг., 1914—16;

Берг Л.С. Всесоюзное географическое общество за сто лет. М.; Л., 1946;

Географическое общество Союза ССР, 1917—1967 М., 1968;

Географическое общество за 125 лет. Л., 1970;

Русские географы и путешественники: Фонды архива Геогр. об-ва. Л., 1971;

Описание коллекций рукописей Научного архива Географического общества СССР. Вып. 1. Л., 1973;

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997;

Цішчанка І.К. Да народных вытокаў: Збіранне і вывучэнне бел. фальклору ў 50—60-я гады XIX ст. Мн., 1986;

Беларусы. Т. 3. Гісторыя этналагічнага вывучэння. Мн., 1999.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 18, кн. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)